ФЕ́РМЕРСКАЯ ГАСПАДА́РКА,
прыватнае таварнае с.-г. прадпрыемства, якое вядзецца індывід. таваравытворцам (фермерам) ці сям’ёй на ўласнай або арандаванай зямлі і звычайна звязана з сялібай хутарскога тыпу. Можа быць заснавана на працы ўладальніка Ф.г. і членаў яго сям’і, а таксама наёмных пастаянных ці сезонных работнікаў. Станаўленне Ф.г. ў большасці краін, у т. л. ў Расіі, адбывалася ў ходзе працяглай эвалюцыі памешчыцкіх гаспадарак у капіталіст. прадпрыемства, а сялян — у наёмных рабочых ці фермераў. Каб вытрымаць канкурэнтную барацьбу, Ф.г. кааперуюцца ў галіне крэдыту, выкарыстання тэхнікі, забеспячэння, перапрацоўкі, збыту прадукцыі і інш. На Беларусі Ф.г. зноў пачалі стварацца ў пач. 1990-х г. На 1.1.2002 іх было 2397, сярэдняя велічыня зямельнага ўчастка, якім яны валодаюць, — 38,9 га. Доля Ф.г. ў валавым зборы с.-г. культур у 2001 складала 1—2%, у вытв-сці асн. прадуктаў жывёлагадоўлі — менш як 1%. Прававой асновай, якая рэгулюе дзейнасць Ф.г. на Беларусі, з’яўляецца Закон «Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы» (1991).
т. 16, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)